Галоўная / Навiны / Навiны раёна
26.02.2020

Прэзентацыя турыстычнага патэнцыялу Навагрудчыны прайшла ў Польшчы

З 17 па 22 лютага ў Польшчы прайшла серыя семінараў-прэзентацый турысцкага прадукту Беларусі: 17 лютага - Варшава, 18 лютага - Гданьск, 19 лютага - Шчэцін, 20 лютага - Познань, 21 лютага – Вроцлаў, 22 лютага - Люблін.

Прэзентацыя была арганізавана Нацыянальным агенцтвам па турызме Беларусі сумесна з Пасольствам Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча, Гданьскай турыстычнай арганізацыяй, муніцыпалітэтам горада Вроцлаў, кіраўніцтвам Заходне-Паморскага ваяводства і Палатай Турызму Польшчы.

Найбуйнейшыя турыстычныя кампаніі з Мінска і Гродна, санаторыі, а таксама ўпраўленне спорту і турызму Навагрудскага райвыканкама знаёмілі з турыстычным патэнцыялам Беларусі і прэзентавалі свой турпрадукт: культурны, настальгічны, аздараўленчы, медыцынскі турызм; распавялі пра асаблівасці бязвізавага ўезду для польскіх турыстаў.

Польскія ўдзельнікі праяўлялі цікавасць да тураў у Беларусь. Прэзентацыі наведала каля ста турыстычных фірмаў з розных гарадоў, а таксама прадстаўнікі СМІ. Удзельнікі прэзентацый адзначылі вялікі патэнцыял для развіцця турыстычнай галіны ў Беларусі і выказалі сваю зацікаўленасць у супрацоўніцтве. Як сказалі самі ўдзельнікі, яны адкрылі для сябе зусім іншую Беларусь, якую яны не ведалі.

Несумненна, з асаблівай цікавасцю прадстаўнікі польскага боку слухалі прэзентацыю пра турыстычны патэнцыял Навагрудка. Тым больш, што Наваградчыну можна было “паспрабаваць на смак” - прадукцыя прадпрыемстваў «Навагрудскія Дары» філіяла ААТ «Лідскі малочна-кансервавы камбінат» і філіяла «Навагрудскі вінзавод" ААТ "Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод «Алгонь» прыйшлася ўсім па гусце.

Сустрэчы на семінарах-прэзентацыях былі досыць прадуктыўнымі на працягу ўсіх 6-ці дзён. З пачаткам турыстычнага сезона спадзяемся на павелічэнне турыстычнага патоку з Польшчы ў г.Навагрудак.

Людміла Федарчук,
галоўны спецыяліст аддзела турызму