Афіцыйны сайт
Адрас райвыкамкама:
231400, г. Навагрудак,
вул.Міцкевіча, 11
Электронная пошта:
novogrudok_rik@mail.grodno.by
Тэлефон: (8-015-97)-2-28-18
Факс: (8-015-97)-2-29-33

Гісторыя

Навагрудскі раён размешчаны на ўсходзе Гродзенскай вобласці. Мяжуе з Карэліцкім, Дзятлаўскім, Лідскім і Іўеўскім раёнамі Гродзенскай вобласці, Баранавіцкім раёнам Брэсцкай вобласці і Стаўбцоўскім раёнам Мінскай вобласці. Навагрудскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года.
Першыя пасяленцы на тэрыторыі цяперашняга Навагрудскага раёна з'явіліся прыкладна 4 тысячы гадоў таму. Пра гэта сведчаць захаваныя помнікі старажытных часоў: стаянкі, гарадзішчы, курганныя магільнікі.
Навагрудак, званы ў летапісах таксама Ноўгарадок, Новагародак, Новы Гарадок - адзін з самых старажытных гарадоў Беларусі.

Паводле археалагічных даследаванняў, яго гісторыя пачынаецца ў канцы Х стагоддзя.

У Сафійскім І і Наўгародскім IV летапісах горад упершыню ўпамінаецца пад 1044 г. у сувязі з паходам Яраслава Мудрага на Літву. У Сафійскім I летапісе сказана: "Хадзі Яраслаў на Літву, а на вясну заклаў Новогород і зрабіў і". Упершыню выказаў думку, што горад узнік у 1044 г. расійскі гісторык В. Тацішчаў. Ён пісаў: “Сей Ноўгарад па акалічнасці ўяўляецца літоўскі, які Усяслаў Полацкі хацеў захапіць, але князі Яраславічы ўведав, выплатна ў яго зямлю ішлі і перша Мінск узялі, а потым на рацэ Нёмане ў Літве, якая недалёка ад Мінска і Новгородка Літоўскага”. На сённяшні дзень гэтая дата замацаваная ў «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі" (Мінск, 1999г., т. 5 і «Беларускай энцыклапедыі» (Мінск, 2002г., т.11).

Размешчаная на маляўнічых пагорках у цэнтры Навагрудскага ўзвышша, старая частка горада мае непаўторнае аблічча і надзвычай багатую падзеямі гісторыю.

На мяжы Х-ХI ст.ст. была заселеная Замкавая гара. У XII ст. горад складаўся з дзядзінца (Замкавая гара) і пасада (Малы замак). Ужо за першыя два стагоддзі свайго існавання Навагрудак стаў найбольш багатым горадам Панямоння, У тыя гады жыхары Навагрудка ўсталявалі шырокія гандлёвыя кантакты з балтыйскімі і скандынаўскімі княствамі, еўрапейскімі краінамі, Візантыяй і Блізкім Усходам. З XIII ст. Навагрудак - цэнтр удзельнага княства. У 1253 г. наваградскі князь Міндоўг каранаваўся ў горадзе як кароль Літовіі. У сувязі з гэтым Навагрудак можна па праве лічыць сталіцай і ядром стварэння Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Сын Міндоўга, Войшалк, у барацьбе супраць галіцка-валынскіх і літоўскіх князёў аб'яднаў вакол Навагрудка Пінскую зямлю, Нальшаны і Дэволтву. Гэтая тэрыторыя і склала аснову ВКЛ.

У канцы Х1V стагоддзя на Замкавай гары пачынаецца будаўніцтва каменнага замка-крэпасці, якое было завершана ў пачатку ХVI стагоддзя. Замак меў сем вежаў і доўгі час быў адным з самых непрыступных.
Значную ролю ў жыцці краіны сыграў Навагрудак і ў XIV-XVIII стагоддзях. У 1422г. у фарным касцёле кароль Польшчы Ягайла браў шлюб з князёўнай Соф'яй Гальшанскай. Ад іх шлюбу пайшла знакамітая дынастыя Ягелонаў.

У Навагрудку праводзіліся дзяржаўныя сеймы, сустрэчы каралёў і паслоў, праходзілі паседжанні вышэйшага апеляцыйнага суда - Галоўнага Трыбуналу.

З 1316 (1317) г. у горадзе ўстаноўлена рэзідэнцыя (кафедра) праваслаўнага мітрапаліта, а пазней, пасля Берасцейскай царкоўнай уніі - уніяцкага мітрапаліта. У сярэдзіне XVI стагоддзя ў Навагрудку дзейнічала 10 цэркваў. У розныя перыяды ў ім было 5 касцёлаў, 6 манастыроў, сінагога і мячэць.

З 1507г. Навагрудак стаў цэнтрам Навагрудскага ваяводства, у 1511г. атрымаў самакіраванне паводле Магдэбургскага права, меў уласны герб з выявай архангела Міхаіла.

Ваенныя падзеі, гарадскія пажары і эпідэміі XVII-XVIII стагоддзяў прывялі Навагрудак да палітычнага і эканамічнага згасання. У 1795г. пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Навагрудак увайшоў у склад Расійскай імперыі, быў павятовым горадам Слонімскай, Літоўскай, Гродзенскай (з 1801г.) і Мінскай (з 1842г.) губерняў.

Навагрудская шляхта актыўна ўдзельнічала ў паўстаннях 1830-1831гг. і ў 1863-1864гг.

Падчас першай сусветнай вайны Навагрудчына з верасня 1915 па канец снежня 1918г. была акупаваная нямецкімі войскамі. У пачатку 1919г. тут устаноўлена савецкая ўлада.
У 1921-1939гг. Навагрудак знаходзіўся ў складзе Польскай Рэспублікі, быў цэнтрам ваяводства і павета.
З канца 1939г. - у складзе БССР. З 15 студзеня 1940г. Навагрудак - цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобласці.

У гады другой сусветнай вайны з 4 ліпеня 1941 года Навагрудчына знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. Шматлікія войны амаль дашчэнту разбурылі замак, але ёсць надзея захаваць тое, што засталося. Знік палац, касцёл езуітаў, сінагога, якія надавалі асаблівы характар гораду. Няма больш чыгункі-вузкакалейкі і аэрапорта, але Навагрудак па-ранейшаму прыцягвае і захапляе, час ад часу прыадчыняючы дзверы ў сваё мінулае.

Сёння Навагрудчына - гэта рэгіён з сучаснай прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасцю, дарожна-будаўнічым комплексам, развітай сферай бытавога, гандлёвага, транспартнага, жыллёва-камунальнага абслугоўвання, паспяхова працуюць ўстановы адукацыі, аховы здароўя, культуры, фізічнай культуры і спорту.

Навагрудская зямля - гэта ўнікальны, непаўторны па прыроднай прыгажосці куток Белай Русі з маляўнічымі зонамі адпачынку, палявання і рыбалоўства. Нікога не могуць пакінуць абыякавым своеасаблівы ландшафт Навагрудчыны, таямнічая прыгажосць загадкавай Свіцязі і задуменнага Нёмана.

Выгаднае геаграфічнае становішча, спрыяльная экалагічная абстаноўка, добразычлівыя, разумныя і працавітыя людзі - усё гэта дазваляе з упэўненасцю казаць, што ў Навагрудскім раёне ёсць усё неабходнае для развіцця эканомікі, дасягнення поспеху.