Афіцыйны сайт
Адрас райвыкамкама:
231400, г. Навагрудак,
вул.Міцкевіча, 11
Электронная пошта:
novogrudok_rik@mail.grodno.by
Тэлефон: (8-015-97)-2-28-18
Факс: (8-015-97)-2-29-33

29 ліпеня 2019

Лаўрыновіч: недапушчальна адпраўляць людзей у паходы па інстанцыях замест вырашэння праблемы на месцы

Мясцовая ўлада павінна вырашаць пытанні, а не адпраўляць людзей па судах і інстанцыях. Такое меркаванне выказаў памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч сёння ў час прыёму грамадзян і прамой лініі ў Свіслацкім райвыканкаме, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У прыватнасці, з праблемай звярнулася пенсіянерка са Свіслачы. Яна заключыла з адной з гаспадарак дагавор: аддала прадпрыемству сем кароў у абмен на цялят. Сваю частку абавязацельстваў гаспадарка не выканала, хоць да канца 2016 года павінна была разлічыцца. Вырашыць пытанне так і не атрымалася. Жанчыну адпраўлялі па розных інстанцыях, прапаноўвалі звяртацца ў суд.

"Сітуацыя недапушчальная, - абурыўся Іван Лаўрыновіч. - Вырашыць яе трэба ў бліжэйшы час. Валакіта - гэта вынік недапрацоўкі на месцах, праблему трэба было зняць раней і зрабіць усё на мясцовым узроўні. А такое стаўленне, калі людзей адпраўляюць з аднаго месца ў іншае, але не прымаюць рашэнняў, недапушчальнае". Ён дадаў, што гэта сітуацыя павінна стаць прадметам пільнай увагі кампетэнтных органаў.

Памочнік Прэзідэнта адзначыў неабходнасць падтрымкі тых, хто працуе на зямлі. Так, на прыём прыйшоў пенсіянер, які гадуе быкоў. Ён працаваў у гаспадарцы, а сёння просіць дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў, гатовы аплаціць паслугі тэхнікі. Без увагі гаспадарлівага мужчыну не пакінуць.

Жыхарка Свіслачы паскардзілася на дах, што цячэ ў доме. У раённай ЖКГ, паводле яе слоў, паабяцалі ўсё выправіць, аднак работы толкам не пачаліся. Іван Лаўрыновіч даў даручэнне ў бліжэйшы час выехаць на месца кіраўніцтву ЖКГ, ацаніць праблему і аператыўна яе ўстараніць.

"Пры гэтым важна гаварыць з людзьмі, трымаць іх у курсе сітуацыі і выконваць абяцанні. Інфармаваць людзей трэба на ўсіх стадыях вырашэння іх праблемы. Менавіта няведанне сітуацыі часта становіцца прычынамі скаргаў і ўзнікнення чутак", - адзначыў Іван Лаўрыновіч. Акрамя таго, камунальным службам трэба будзе разабрацца з сітуацыяй у суседнім доме, дзе ёсць праблемы з падачай вады ў кватэры.

Жыхарка вёскі Сакольнікі звярнула ўвагу на праблему распаўсюджвання сумніка канадскага. Зацікаўленым службам дадзена даручэнне актыўней вырашаць пытанне з інвазіўнай раслінай.

Удзялалася ўвага і стану дарог. Сітуацыя з імі павінна быць на пастаянным кантролі мясцовых улад. "Навядзенне парадку на зямлі, рамонт і будаўніцтва дарог, добраўпарадкаванне, рамонты жылфонду - асноўныя пытанні для мясцовай улады. Вырашаць іх неабходна і аператыўна, і якасна, каб потым не перарабляць. Безгаспадарчы падыход недапушчальны!" - падкрэсліў Іван Лаўрыновіч.

У час прамой лініі і прыёму грамадзян паступіла некалькі пытанняў асабістага характару, якія датычацца ўзаемаадносін з суседзямі і нават унутры сям'і. Дзе гэта магчыма, да вырашэння праблем падключацца, разам з тым усе рашэнні будуць прымацца ў адпаведнасці з законам.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)