Официальный сайт
Адрес райисполкома:
231400, г. Новогрудок,
ул.Мицкевича, 11
Электронная почта:
novogrudok_rik@mail.grodno.by
Телефон: (8-015-97)-2-28-18
Факс: (8-015-97)-2-29-33

12 февраля 2020

«Ян Камар. Фатограф з вескі Нянькава»

У Нацыянальным гістарычным музеі адкрылася выстава «Ян Камар. Фатограф з вескі Нянькава». Выстава прысвечаная году малой радзімы і 100-годдзю аўтара фотаработ, нашаму земляку, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Івану Ігнатавічу Камару.

Пачалася гэта гісторыя ў 2017 годзе. Менавіта тады супрацоўнік Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі Надзея Саўчанка пачала пошукі на Навагрудчыне слядоў аўтара вялікага фотаархіва 1920-60 гадоў. А імя знакамітага ў свой час у Любчанскім краі фатографа Савы Сіўко ўспомніў жыхар вескі Нянькава, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Ігнатавіч Камар. Аказалася, што ён таксама ёсць на тых здымках – яшчэ падлеткам, вучнем Любчанскай школы. Іван Ігнатавіч добра памятаў, як працаваў Сава Сіўко, і прызнаўся, што менавіта дзякуючы Саве сам захапіўся фатаграфіяй і займаўся ёю амаль тры дзесяцігоддзі.

Паглядзеўшы фотаздымкі Івана Ігнатавіча, даследчыкі былі ўражаныя: шукалі на Навагрудчыне аднаго фатографа, а знайшлі дваіх. Больш да таго, Іван Ігнатавіч – чалавек вельмі скрупулезны. Ён захаваў не толькі свой фотаапарат, але і ўсе зробленыя калісьці фотастужкі. А іх - 71, значыць – больш за 2 тысячы кадраў. Да іх прыкладаецца архіў: у спецыяльным сшытку, абгорнутым старой паперай, дакладна пазначана: калі якая стужка была зроблена, каго і дзе фатаграфаваў. Для даследчыкаў гэта – сапраўдны скарб, які мае не толькі мастацкую, але і навуковую каштоўнасць.

Для фотавыставы адабралі 100 работ – і гэта сімвалічна. Сёлета аўтар адзначыць стагоддзе. Больш да таго, куратар выстаўкі Альберт Цэхановіч друкаваў іх уручную на старой фотапаперы 1980-х гадоў. Так што здымкі захавалі поўную аўтэнтычнасць.

Большасць з фотаработ, прадстаўленых на выставе, – фотапартрэты землякоў. Вельмі прыгожыя і цікавыя для нас, хто глядзіць на іх зараз, праз шмат дзесяцігоддзяў. Маленькія хлопчыкі з сур’езнымі мужчынскімі тварамі. Прыгожыя дзяўчаты ў зімовай вопратцы – а ёсць сярод іх і сапраўдныя модніцы. Дзед і ўнук на сялянскім падворку – мінулае і будучыня адной сям’і. Муж і жонка ў сваёй хаце. І яшчэ адзін персанаж на здымку – галоўны – новенькі тэлевізар. Гэтая здымкі хочацца разглядаць зноў і зноў, углядацца ў твары, прыдумваць жыццёвыя гісторыі гэтым людзям.

Вельмі цікавымі мне падаліся побытавыя здымкі. Звычайны сельскі панадворак. Драўляная хата. Людзі занятыя сваімі штодзеннымі клопатамі. Складваюць дошкі. Даглядаюць скаціну. Займаюцца хатнімі справамі. Топяць печку. Адзначаюць святы. Проста адпачываюць. І ўсе гэта знята не толькі прыгожа, але і неяк цёпла, па-добраму, нея так, што адчуваеш вялікую дабрыню чалавека, які там, за аб’ектывам.

Калі-нікалі аўтар і сам з'яўляецца ў кадры: часта – адзін, іншы раз – разам з каханай жонкай. Тады гэта называлася аўтапартрэт, зараз – модным словам сэлфі. На той час, калі здымкі зробленыя, гэты жанр быў сапраўды новым словам у фатаграфіі. З аўтапартрэтаў розных гадоў на нас глядзіць мужчына, прыгожы, сур’езны, з уважлівым позіркам разумных вачэй. І гэта асаблівасць Івана Ігнатавіча не змянілася з часам.

Ячшчэ адна адметнасць творчасці Івана Ігнатавіча, незвычайная для сельскага фатографа-аматара, - жанр нацюрморта. На выставе ёсць некалькі здымкаў, дзе адлюстраваная яго фоталабараторыя.

Дарэчы, Іван Ігнатавіч перадаў у дар музею і свае асабістыя рэчы, найкаштоўнейшыя дакументы эпохі: школьныя сведчанні 1930-х гадоў, сшыткі вучня польскай, а затым беларускай савецкай школы Яна Камара, лісты і фатаграфіі з фронту ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Івана Камара, свае фотапрылады і фотаархіў. Па ўсіх гэтых экспанатах можна вывучаць гісторыю нашай краіны і неад’емную ад яе гісторыю Навагрудчыны.

Падчас адкрыцця выставы адбылася прэзентацыя альбома Надзеі Саўчанкі «Сава Сіўко», выпуск якога завяршыў праект, распачаты гістарычным музеем амаль тры гады таму. Творчая спадчына нашага земляка, выдатнага фотамастака мінулага стагоддзя Савы Сіўко абагульненая, зроблены каталог, многія людзі на здымках набылі імёны дзякуючы супрацоўніцтву навукоўцаў з ўраджэянцамі і жыхарамі Навагрудчыны. Выдадзены альбом пры падтрымцы кампаніі ДжейТіАй у Беларусі накладам 500 асобнікаў.

Першым уладальнікам новага выдання стаў Іван Ігнатавіч Камар. Надзея Саўчанка падаравала выданне ветэрану на Новы год. Зараз гэта настольная кніга Івана Ігнатавіча. Дарэчы, там ёсць і яго фотаздымак сярод аднакласнікаў.

На прэзентацыю сваёй выставы Іван Ігнатавіч паехаць не змог – крыху падвяло здароўе, але ўважліва сачыў за падзеяй у сацыяльных сетках. І, канечне ж, хваляваўся.

Зараз Іван Ігнатавіч, ветэран вайны, амаль стогадовы чалавек, працягвае займацца фатаграфіяй. Толькі старэнькі «Зеніт» змяніў на сучасную тэхніку – лічбавы фотаапарат і смартфон. Зімой Іван Ігнатавіч жыве ў аддзяленні кругласутачнага знаходжання Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання, вясной збіраецца дадому ў Нянькава. Там родная хата, з любоўю высаджаныя каштаны, там сэрца, там – радзіма. А яна звычайна натхняе і надае сілы. І дай Божа, па вясне мы ўбачым новыя фотаработы гэтага цікавага таленавітага чалавека. І ў гэтай гісторыі яшчэ будзе прыгожы працяг.

Відэаматэрыял можна паглядзець ТУТ.

Ірына Ходар, "НоваТБ"